Сяргей Каваленка па-ранейшаму адмаўляецца спыняць галадоўку

Галадоўніку ставілі кропельніцу. Яму будуць уводзіць не проста глюкозу, а раствор для падтрымання бялковай масы, распавяла Радыё Свабода жонка палітвязня Алена Каваленка. Паводле яе словаў, цяпер Сяргей важыць 45 кілаграмаў.

29 сакавіка Алена Каваленка накіравала скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласці ды іншых службовых асобаў з заклікам тэрмінова аказаць Сяргею Каваленку неабходную медычную дапамогу і з папярэджаннем аб адказнасці за неаказанне дапамогі.

Нагадаем, Сяргей Каваленка ў лютым быў асуджаны на 2 гады і месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй "хіміі" (яе яму прысудзілі за вывешаны на галоўнай ёлцы Віцебска бела-чырвона-белы сцяг). Ад снежня Каваленка з перапынкамі галадае за кратамі.

Фота —bymadia.net