Сяргея Каваленку прымусова кормяць "супам і баршчом"
Пра гэта жонка актывіста даведалася з ліста, які ішоў да яе з Віцебскага СІЗА два тыдні.
Алена Каваленка мяркуе, што ліст адмыслова прытрымалі ў следчым ізалятары, каб на волю не трапілі падрабязнасці аб прымусовым кармленні вязня. Як паведамляе Радыё "Свабода", мяркуючы па даце ліста, віцебскага апазіцыянера пачалі прымусова карміць з 16 студзеня.
Тым часам у СІЗА для Каваленкі не прымаюць ні сокі, ні садавіну. Гэта абурае жонку зняволенага актывіста КХП-БНФ.
Нагадаем, што віцябляніна вінавацяць у паушэнні рэжыму адбыцця пакарання. Перад гэтым ён быў асуджаны на "хатнюю хімію" за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на галоўнай каляднай елцы Віцебска.
Каваленка лічыць абвінавачанне несправядлівым, таму і распачаў за кратамі галадоўку пратэсту.