Сычоў: У Беларусі адсутнічае пагроза выкананню абавязанняў АБСЕ

Вялікабрытанія заклікала беларускі ўрад расследаваць снежаньскія падзеі ў Мінску. Для гэтага, на думку Лондана, Беларусь павінна ўключыцца ў працу "Маскоўскага механізму" АБСЕ.

"Гэтая схема ўхвалена усімі сябрамі АБСЕ для стымуляцыі захавання і павагі правоў чалавека, асноўных свабод, асноў дэмакратыі, а таксама правілы вяршэнства закона праз дыялог і супрацоўніцтва. Вялікабрытанія заклікае беларускія ўлады пакласці канец ганебнаму ланцугу падзей, якія суправаджалі выбары 19 снежня і працягваюцца па сённяшні дзень", — гаворыцца ў звароце Вялікабрытаніі і яшчэ 12 краін — членаў АБСЕ.

8 красавіка МЗС Беларусі адрэагаваў на брытанскую ініцыятыву, размясціўшы на сваім сайце тэкст выступу прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ Аляксандра Сычова на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ.

"Мы катэгарычна не прымаем выкладзеную краінамі-ініцыятарамі інтэрпрэтацыю сітуацыі ў Беларусі. Не існуе аб'ектыўных падстаў для запуску згаданага механізму", — заявіў Сычоў.

Паводле яго слоў, спроба падаць Беларусь у якасці адмысловага выпадку невыканання абавязанняў мае відавочна перадузяты і надуманы характар. "У Беларусі адсутнічае пагроза выкананню абавязанняў АБСЕ і ўжо пагатоў асабліва сур'ёзная. Сітуацыя ў краіне стабільная, няма міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў", — падкрэсліў дыпламат.