Тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі адзначае сваё 65-годдзе

Найбольшую вядомасць у шырокай публікі Мазынскі здабыў на пачатку 90-х, калі заснаваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі "Вольная сцэна". Хаця тэатральнымі пастаноўкамі рэжысёр займаецца з сярэдзіны 70-х.

Пастаноўкі "Вольнай сцэны" атрымлівалі шырокі розгалас не толькі ў шэрагах тэатралаў. Ці ня самай вядомай стаў спектакль "Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць..." (1997), паводле антыфашыстоўскай п'есы Бертальда Брэхта. Незалежныя СМІ адзначылі ў спектаклі выразную антытаталітарную скіраванасць. А ўлады, у сваю чаргу, звольнілі Мазынскага з тэатру.

Цяпер Мазынскі ўжо зняў два фільмы — "Тутэйшыя" і "Як пошуг маланкі". Таксама творца працуе як рэжысёр беларускага агучвання твораў замежнай і айчыннай літаратуры — на яго рахунку больш за 30 аўдыякніг.