Цукровыя заводы прадаюць цукар са стратамі
Бо ўсе зараз працуюць на трысняговым цукры-сырцы, які завозіцца з Лацінскай Амерыкі.
На Слуцкім цукроварафінадным камбінаце не заўважылі павышэння продажаў у параўнанні з мінулымі месяцамі. Тлумачаць проста: ужо з сакавіка працуем ва ўмовах павышанага попыту.
У размове з Еўрарадыё намеснік дырэктара “Гарадзейскага цукровага камбіната” Андрэй Бацкель нечакана гаворыць, што павышаны попыт — гэта дрэнна для прадпрыемства. Завод працуе круглыя суткі:
“Ідзе бардак. Шлюць машыны, якія не ўзгадняюцца ні з кім. Бярэцца не прэсаваны цукар, а той, які больш прадаецца. Я лепш буду працаваць у нармальных цывілізаваных адносінах, а не такім хапуном. Зараз адгружаецца 450-500 тон цукру ў суткі”.
Бацкель разводзіць рукамі: маўляў, не разумее, куды знікае той цукар.
“Калі летась гэта было 94 тысячы тон сырца, то сёлета — 134 тысячы тон. А заводамі цукру на ўнутраны рынак пастаўлена на 36 тысяч тон болей. Цукру мы не сталі есці больш. І куды ён знікае? Маё меркаванне, што ён вывозіцца”.
Паводле намесніка дырэктара, усе беларускія заводы зараз працуюць на трысняговым цукры-сырцы, які завозіцца з Лацінскай Амерыкі па перадаплаце. А для гэтага патрэбная нятанная валюта... Таму цукровыя заводы і прадаюць цукар са стратамі.
На Жабінкаўскім цукровым заводзе павышэнне продажаў адзначылі ў красавіку. Калі ў сакавіку на ўнутраны рынак паставілі 7100 тон цукру, то ў красавіку амаль удвая больш — 13 тысяч 400 тон. Згодна з прагнозамі, продажы ў ліпені чакаюцца ў 11 тысяч 900 тон (у ліпені 2009 года прадалі 9 тысяч 800 тон, у ліпені 2010 года — 8 тысяч 900 тон).
Супрацоўнік завода выказаў меркаванне, што такі ажыятажны попыт можа спрыяць таму, што Міністэрства эканомікі павысіць цану на цукар. Да таго ж, і на яго думку, на ўнутраны рынак усе заводы прадаюць цукар са стратамі.
“Па-першае, павышаны попыт. Па-другое, дыспарытэт коштаў з Расійскай Федэрацыяй. У Расійскай Федэрацыі свабоднае коштаўтварэнне. У Беларусі кошт усталёўваецца нарматыўнымі дакументамі ўраду. Праз адсутнасць мяжы цукар свабодна перапрадаецца. І трэцяе — на ўнутраны рынак усе заводы прадаюць цукар са стратай. Гэта дастатковыя прычыны, каб пераглядаць кошты”.
Пакуль выратоўвае экспарт. Да таго ж ён дазваляе атрымаць валюту, на якую апошнія месяцы ў Беларусі назіраецца яшчэ большы ажыятаж, чым на цукар.
Еўрарадыё спытала, ці будзе даражэць цукар.
Супрацоўнік Жабінкаўскага цукровага завода: “У Беларусі завод ніколі не ўсталёўвае кошты на ўнутраным рынку. Каментаваць, будуць падымацца кошты ці не, мы ніколі не будзем. Орган, які ўпаўнаважаны ўсталёўваць кошты, — Міністэрства эканомікі”.
У той самы час агенцтва БелаПАН перадае, што Мінэканомікі, Мінгандлю і “Белдзяржхарчпрам” абвяргаюць чуткі пра магчымае падаражэнне.
Фота: piluk.by