Туніскія хакеры зламалі сайт віцебскай міліцыі
Адказнасць узяла на сябе група туніскіх хакераў Tn-V!Rus.
11 жніўня вэб-старонка віцебскай абласной міліцыі выдавала паведамленне "Сайт часова недаступны". На наступны дзень яго праца была адноўленая. 15 жніўня спецыялісты па сеткавай бяспецы байнэту паведамілі, што ісламскія групоўкі ўзламалі чатыры беларускія сайты.
Цяпер сайт віцебскай міліцыі цалкам даступны, але яго апошняе абнаўленне датуецца 11 жніўня, пішуць "Народныя навіны Віцебска". Калі ж зайсці па адрасе uvd.vitebsk.by/index2.php, то відаць сляды ўзлому — надпіс "Hacked By Tn-V!Rus". Таксама хакерскі подпіс закешаваны пошукавай сістэмай Google. У інтэрнэце згадваецца, што Tn-V!Rus — група хакераў з Туніса.
Таксама дагэтуль недаступны сайт віцебскай ДАІ: ён выдае паведамленне "Сайт часова недаступны". Ці звязана гэта з узломам, пакуль невядома.