Турбізнес ужо адчуў наступствы дэфіцыту валюты
Абмежаванні на валютным рынку негатыўна адбіліся на дзейнасці айчынных турыстычных фірм.
Некаторыя турфірмы не бяруцца за выкананне замовы, калі пакупнік не можа аплаціць турпуцёўку ў валюце. Бо ў сённяшняй сітуацыі, калі кампанія не можа закупіць валюту на біржы, яны не ў стане ў час разлічыцца з замежнымі партнёрамі.
Як паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара па турызме кампаніі "АлатанТур" Ігар Шаршуноў, пакупнікоў тураў у апошнія тыдні стала прыкладна на 20% менш у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Пры гэтым, паводле ацэнак Шаршунова, у шмат якіх больш дробных турыстычных фірмах сітуацыя яшчэ горшая. Так, "АлатанТур", як і шэраг іншых буйных туркампаній, мае афіцыйны дазвол на прыём замежнай валюты, і кампанія настойліва рэкамендуе насельніцтву ажыццяўляць разлікі ў валюце.
Для пакупніка, які можа разлічыцца толькі беларускімі рублямі, кампанія вызначае ўнутраны курс долара. Як кажа Шаршуноў, "АлатанТур" імкнецца прытрымлівацца курсу 3.340 рублёў. Паводле слоў спецыяліста, гэтага курсу прытрымліваецца і шэраг іншых турфірм.