У Бабруйску “шарыкавым” плацяць удвая болей, чым настаўнікам
Такія высновы можна зрабіць пасля прагладу спісу вакансій на сайце Бабруйскага гарвыканкаму ад 10 чэрвеня 2011.
Даволі высокая запатрабаванасць у Бабруйску (больш за 30 вакансій) існуе сярод працаўнікоў сферы адукацыі — выхавацеляў, педагогаў, школьных псіхолагаў. Максімальны заробак, які прапануе аддзел адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска педагогам, не перавышае 700 тысяч (140 долараў).
Пры гэтым маладыя інжынеры-праграмісты, напрыклад, таксама запатрабаваныя ў асноўным для працы ў каледжах, але толькі на палову стаўкі — 230 тысяч (46 долараў). Калі пашанцуе, то ва ўстанове адукацыі знойдзецца поўная стаўка — самая высокая прапанова 505 тысяч (101 долар).
Зразумела, што ахвочых зусім мала. Нават простыя падсобныя работнікі без адукацыі (больш за 60 вакансій) могуць уладкавацца на працу з заробкам 600-900 тысяч (120-180 долараў). Просты кіроўца аўто без спецыяльных навыкаў можа знайсці працу з заробкам 1,5 млн. (300$). І нават вакансіі грузчыкаў (больш за 20) аплочваюцца вышэй — 460-800 тысяч (92-160 долараў). Для "прыўкраснай паловы чалавецтва" таксама ёсць выдатны варыянт працы — кантралёр аўтобуснага парку. Заробак 0,8-1 млн. (160-200$).
Адной з самых топавых у спісе з'яўляецца вакансія лаўца бяздомных жывёлаў. Заробак бабруйскага "шарыкава" будзе складаць 1,3 млн. (260$). Гэта ўдвая больш за тыя заробкі, якія прапануюцца педагогам і выхавацелям.