У Бабруйску жыхароў інтэрнату высяляюць на вуліцу

Уласнік інтэрната — будаўнічы трэст №13 — загадаў ім да 15 кастрычніка пакінуць будынак з прычыны рамонту будынка. Некалькі сем’яў выселілі па рашэнні суда. Іх пакоі апячатаныя, паведамляе Бабруйскі рэгіянальны партал.

Гендырэктар будтрэста №13 Анатоль Бокій кажа, што ў інтэрнаце жыхароў трэста менш за палову. Астатнія жыхары — гэта бюджэтнікі і супрацоўнікі іншых прадпрыемстваў. Калі яны хочуць жыць у гэтым інтэрнаце, то мусяць уладкавацца на працу ў трэст. Трэст плануе засяляць толькі сваіх работнікаў.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, на пачатку гэтага года ў такой жа сітуацыі апынуліся жыхары магілёўскага інтэрната, які належыць будаўнічаму трэсту №12. Тады з загаду новага кіраўніцтва трэста з інтэрната выселілі больш за 50 чалавек. Прычына тая ж самая: жыхары не працавалі ў трэсце.