У Беларусь едуць пераважна расійскія турысты
Белстат апублікаваў вынікі турыстычнага сезону 2012 года.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за год за мяжу Беларусі арганізавана выязджала крыху менш за паўмільёна турыстаў. Гэта ў паўтара раза больш, чым у 2011 годзе. Самымі папулярнымі ў беларусаў краінамі былі Расія, Украіна, Балгарыя, Грэцыя, Егіпет, Іспанія, Італія, Літва, Польшча, Турцыя, Чэхія. На іх долю прыпала амаль 90% ад агульнага ліку арганізаваных турыстаў.
А вось у нашу краіну ехала ў чатыры разы менш наведнікаў. Агулам летась нашу краіну наведалі крыху менш за 120 тысяч арганізаваных турыстаў. Прычым 94 тысячы з іх прыехалі з Расіі, 1400 — з Украіны, а яшчэ паўтысячы — з іншых краінаў СНД.
Акрамя СНД найбольш актыўна нашу краіну наведвалі турысты з Нямеччыны, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі, Турцыі.
Дарэчы, у сярэднім кожны турыст праводзіў у Беларусі чатыры дні. Гэта на адзін дзень менш, чым у 2011 годзе.
Фота — 59travel.ru