У Беларусь прыбылі кіраўнікі Ганзейскага парламента
Мэта трохдзённага візіту кіраўнікоў міжнароднай гандлёвай арганізацыі - абмеркаваць пытанні энергаэфектыўнага будаўніцтва і аднаўляльных крыніц энергіі.
Ганзейскі парламент са штаб-кватэрай у Гамбургу сёння аб'ядноўвае каля паўсотні гандлёва-прамысловых і рамесніцкіх саюзаў Еўропы. Гэта грамадзянска-прававое аб'яднанне лічыцца спадчыннікам існуючага ў Сярэднявеччы Ганзейскага саюза - аб'яднання купецкіх гільдый, якія сумесна вырашалі праблемы міжнароднага гандлю.
Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ўвайшло ў склад Ганзейскага парламента. Сваім удзелам беларускі бок спадзяецца пашырыць кола партнёраў, зацікаўленых у прасоўванні беларускіх тавараў на знешнія рынкі, атрымаць магчымасць ўдзельнічаць у праграмах, якія фінансуюцца Еўрасаюзам, паведамляе газета "Рэспубліка".