У Беларусі адзначаюць Дзень жанчын

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў напярэдадні свята віншаванне суайчынніцам. У ім гаворыцца, што “жанчына з яе мудрасцю і ўнутранай сілай з’яўляецца той асновай, на якой трымаецца свет”.

“Сёння вы — адна з галоўных рухальных сіл паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падтрымання палітычнай стабільнасці ў грамадстве, навуковага і культурнага прагрэсу. Вашы веды, талент і вялікая працавітасць даюць бліскучыя вынікі ў розных сферах. І пры гэтым вы не страчваеце душэўнасці, мяккасці і прыгажосці, застацееся добрымі маці, жонкамі і гаспадынямі, вернымі і надзейнымі спадарожніцамі”, — цытуе віншаванне кіраўніка краіны яго прэс-служба.

Сам Аляксандр Лукашэнка сёння накіраваўся ў Каракас для ўдзелу ў жалобных цырымоніях у сувязі са смерцю прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, якія прызначаныя на 8 сакавіка. Таму традыцыйны ўрачысты прыём з нагоды Дня жанчын ад імя кіраўніка Беларусі вырашана перанесці на больш позні тэрмін.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 студзеня колькасць жанчын у Беларусі склала 5,1 мільёна чалавек, або 54% ад агульнай колькасці насельніцтва. У гарадах у пасёлках гарадскога тыпу жыве 76% жанчын, а ў сельскіх населеных пунктах — 24%.

Паводле ацэнак ПРААН, “натуральная” розніца ў чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын — 5 гадоў. У Беларусі захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын, якая цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў перавышае “натуральную” болей чым у два разы і складае 10-12 гадоў, паведамляе БелаПАН.

Сярэдні ўзрост беларускі — 42 гады. Сярэдні ўзрост, калі жанчына бярэ першы шлюб — 24,6 года. Першае дзіця сярэднестатыстычная беларуска нараджае ў 25 гадоў.