У Беларусі пачаліся Пакровы

Ад 14 кастрычніка адзначаецца традыцыйнае свята Пакровы. Ягоная назва паходзіць ад “покрыва Божай Маці”. Існуе мноства народных прымавак, зьвязаных з Пакровам, бо зямля гэтым часам “пакрывалася лістом або сняжком, вада — лёдам, а пчала — мёдам”. Пакровы пазначалі завяршэнне восеньскіх працаў і пераход да зімовых клопатаў на гаспадарцы. А яшчэ гэта спрадвеку быў час пачатку вясковых вяселляў, які будзе цягнуцца да 27 кастрычніка — менавіта да гэтага дня працягваюцца і Пакровы.