У Беларусі падаражэе інтэрнэт

Такое меркаванне выказаў журналістам 7 ліпеня генеральны дырэктар кампаніі “Альтэрнатыўная лічбавая сетка” Ігар Сукач. Кампаніі належаць брэнды “Атлант Тэлекам” і “Шпаркі Дамавік”.

Тарыфы ўзрастуць і пытанне толькі ў тым, як гэта будзе адбывацца, сказаў спадар Сукач. Так, напрыклад, “Атлант Тэлекам” ужо адмовіўся ад сваіх найбольш танных тарыфных планаў на інтэрнэт. Спецыяліст мяркуе, што падвышэнне тарыфаў павінна быць плаўным, а не “выбуховым”.  Калі ж не падвышаць тарыфы, то кампанія не зможа залучаць інвестыцыі і развівацца.

З 2011 года інтэрнэт-правайдэры ў Беларусі разлічваюцца ў рублях з “Белтэлекамам” за знешні інтэрнэт-трафік. Калі б такой дамоўленасці не было, то прыватныя правайдэры вымушаныя былі б спыніць сваю працу на беларускім рынку, паведамляе БелаПАН.