У Беларусі падвышаюцца пенсіі

У адпаведнасці з Указам №35 ад 16 студзеня 2012 года “Аб падвышэнні пенсій” з 1 траўня зроблены пераразлік працоўных пенсій сыходзячы з сярэдняга заробку ў першым квартале бягучага года, нагадвае БЕЛТА. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ён склаў 3 мільёны 6 тысяч 88 рублёў. У выніку працоўныя пенсіі, пры вылічэнні якіх не ўжываецца бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ), павялічваюцца на 18,2%.

Таксама адбываецца пераразлік мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, надбавак, падвышэнняў да пенсій і даплаты людзям старэйшага веку ў сувязі з ростам БПМ. У коштах сакавіка ён склаў 743 тысячы 20 рублёў, што на 5,1% перавышае нарматыў, які дзейнічаў да 30 красавіка. Адпаведна, сацыяльныя пенсіі таксама падвышаюцца на 5,1%.

Такім чынам, непрацоўным пенсіянерам, якія дасягнулі 75 год, будуць даплачваць 139,3 тысячы рублёў, а тым, што дасягнуў узросту 80 год — 185,8 тысяч.

Агулам сярэдняя пенсія па ўзросце дасягне 1 мільёна 467,5 тысяч рублёў.