У Беларусі святкуюць Масленіцу
Цыклон Хавер адступіў і цяпер няма перашкодаў для масавых гулянняў.
На Масленіцу прынята праводзіць зіму і сустракаць вясну. Гэтае свята папярэднічае велікоднаму пасту — гэта апошні дзень, калі дазваляецца спажываць сметанковае масла, малочныя прадукты і рыбу.
У Мінску з нагоды гэтага папулярнага народнага свята пройдуць імпрэзы. Вясновы масленічны карнавал і шоў адбудзецца 17 сакавіка на цэнтральнай плошчы гарналыжнага цэнтру “Сонечная даліна” ў Курасоўшчыне, інфармуе БЕЛТА. Арганізатары абяцаюць злучыць традыцыі святкавання Масленіцы з Бразільскім карнавалам. Славянскія казачныя персанажы будуць спрачацца з лацінаамерыканскімі за званне найлепшага свята планеты.
Масленіцу часта параўноўваюць з бразільскім карнавалам і гэта невыпадкова. Тут таксама ёсць традыцыя пераапранання ў казачных герояў — “скамарохаў”, “мядзведзя”, “казу”, “Зіму”, “Вясну” і г.д. А ў слове “карнавал” ляжаць два лацінскія карані — carno і vale, якія азначаюць “мяса” і “бывай”. Гэтае свята праходзіла за 40 дзён да велікоднага тыдня і было своеасаблівай мяжой, за якой пачынаўся Вялікі пост.
Арганізатары сталічнага масленічнага карнавалу абяцаюць гасцям свята дэгустацыю бліноў, майстар-класы па лацінаамерыканскіх танцах, караоке, катанне на паветраным шары, а таксама варажба ды іншае.