У Браціславе сёння будуць гаварыць пра Беларусь
Сёння ў Браціславе пачынаецца сустрэча міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы – Польшчы, Славакіі, Чэхіі і Венгрыі.
Спецыяльнае запрашэнне на яе атрымаў лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч. Таксама ў Браціславе 2-4 сакавіка адбудзецца міжнародная канферэнцыя па бяспецы "Globsec-2011".
Беларускую сітуацыю на "Globsec-2011" будуць абмяркоўваць у фармаце слуханняў пад назовам "Беларусь пасля выбараў: ці спрацуюць санкцыі?". Мілінкевіч у размове са "Свабодай" напярэдадні вылету ў Браціславу асабліва адзначыў: гэта канферэнцыя выходзіць далёка за межы падобных мерапрыемстваў. "Гэта вельмі сур'ёзная канферэнцыя, якая шмат у чым вырашае, што будзе рэалізавацца адносна Беларусі ў палітыцы Еўрасаюза".