У Брэсце ўлада пераймаецца рэканструкцыяй праваслаўнага сабора

Залачэнне “цыбулін” Свята-Уваскрасенскага сабора хочуць замовіць расійскай фірме з Чэлябінска, піша “Брестский курьер”. Ужо адбылася сустрэча з прадстаўнікамі фірмы. Мяркуюць спачатку пазалаціць нітрытам тытану  шэсць “цыбулін” храма,  потым пакрыюць ромбападобнымі пласцінамі з нержавейкі дах, і, нарэшце, зладзяць падсветку.

Першы этап “цягне” на 600 мільёнаў беларускіх рублёў, другі на мільярд.

Мясцовая ўлада ўжо дала адмашку на народны збор сродкаў у абмен на “пасведчанні аб ахвяраванні грошай у рамачцы, якія можна будзе павесіць у доме або офісе”. Назовы найбольш шчодрых прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў увекавечаць на сценах храма.

Свята-Уваскрасенскі сабор быў пастаўлены на ўездзе ў Брэст з боку Масквы на вуліцы Маскоўскай ў 1995 годзе. Улады мяркуюць, што “грамадская акцыя па эстэтызацыі галоўнай дарожнай артэрыі Брэста” дапаможа палепшыць архітэктурнае аблічча горада да яго 1000-годдзя ў 2019 годзе.