У Брэсце адбылася бойка паміж антыфашыстамі і нацыстамі

18 лютага некалькі антыфашыстаў святкавалі народзіны свайго сябра ў клубе “Партал”. Раптам туды ўварвалася каля 25 нацыстаў і пачалі пагражаць хлопцам, што адсюль яны не выйдуць, апавядае сайт belarus.indymedia.org. Антыфашысты патэлефанавалі сваім знаёмым, каб тыя прыехалі і забралі іх, а затым паспрабавалі выйсці на вуліцу. Нацысты напалі на іх каля выхаду з клуба.

Неўзабаве з’явілася міліцыя. Не слухаючы тлумачэнняў антыфашыстаў, праваахоўнікі залілі іх слезацечным газам, збілі і затрымалі 10 чалавек. Прычым нацыстаў яны не чапалі. У выніку чацвёра хлопцаў трапілі ў ізалятар і чакаюць суда за дробнае хуліганства, шасцярых адпусцілі.