У Брэсце адбылося "Свята дуды" (фота)

Пра мерапрыемства і значнасць дуды для беларусаў распавёў Зміцер Сасноўкі, лідар гурту "Стары Ольса".

Сасноўскі: "Поспех дударскага руху і адраджэнне дуды на Беларусі прывялі да ўзнікнення альманаху “Дудар”, утварэння дударскага клуба і  фэсту, які праходзіць ужо 10 год.  Зараз жа праходзяць гастролі па Беларусі гуртоў, якія выкарыстоўваюць гэты інструмент. У некаторых музыкаў, якія найбольш актыўна карыстаюцца дудой, узнікла ідэя праехацца і азнаёміць жыхароў розных гарадоў Беларусі з ёй. Значнасць інструмента для Беларусі можна ахарактарызаваць вельмі проста: ён быў вельмі папулярны ў нас, насуперак сучасным стэрэатыпам. Этнографы 19-га стагоддзя пісалі, што ніводнае свята беларусаў не адбывалася без яго. Калі ў савецкіх рэспубліках напрыканцы 20-х гадоў абіралі самы ўласцівы інструмент, дуда была прызнаная самым беларускім. Беларусь на выставе ВДНХ прадстаўлялі менавіта дудары. Больш за тое ў 35-м годзе на сельскагаспадарчай выставе ў Парыжу Савецкі Саюз прадстаўлялі таксама беларускія дудары. Пазней, пасля вайны, галоўным этнічным інструменталістам стаў Язэп Жыновіч, чалавек закаханы ў цымбалы, які і ўтварыў беларускую цымбальную школу. Адпаведна сваёй сімпатыі ён зрабіў асноўным культавым і сімвалічным інструментам Беларусі цымбалы. Але вядома, што дуда — гэта інструмент, які будзіць чалавека да актыўных дзеянняў. Цымбалы наадварот разнявольваюць і супакойваюць. Істотнасць павярнуць дуду на сцэну і ў актыўную музычную практыку складаецца ў тым, што менавіта з ёй можна павярнуць сапраўдныя этнічныя эмоцыі, якія мы адчувалі стагоддзямі”.

Таксама, акрамя непасрэдна канцэрту ў фае Грамадска-культурнага цэнтру, праходзілі тэматычная выстава і майстар-класы па танцах і гранні на дудзе.