У Брэсце адбыўся "БУГаРОК FEST" (фота)

Першымі на сцэну ДК БЭМЗ выйшлі маскоўскія госці — Kaizen. Самі яны называюць свой стыль як playbeat-metal, які брэстаўчане адразу ж успрынялі "на ўра!". Ужо ад першай песні танцпляцоўка была цалкам занятая людзі, скокі якіх не скончваліся да апошняга "баевічка" музыкаў. Пра моцнае гранне Kaizen сведчаць і ўзніклыя пасля выступу тэхнічныя  перашкоды.

На самым пачатку выступу Vinsent'а зламалася… бас-бочка, "разагрэтая" масквічамі. Выпадак здзівіў нават дасведчаных бубначоў. Хуткая замена — і слухач зноў пачуў "мінскі рэп". Vinsent'а на канцэртах ужо некалькі месяцаў суправаджаюць музыканты. Адмыслова для фармату фэста яны пакінулі свае джазавыя і фанкавыя эксперыменты, а прайшліся выключна па хардкоравых аранжыроўках рэпера. Так, да выступу Vinsent'а гарманічна ўпісаўся кавер на песню Rage Against The Machine "Guerrilla Radio", якая ў беларускамоўнай версіі атрымала назву "Радыё Свабода". Да "чужых" спеваў таксама трапіў і апошні хіт забароненых на радзіме "Ляпісаў" — "Не быць скотам!". Марш на верш Янкі Купалы заля спявала ў адзін голас. Не менш энергічна слухачы прынялі брэстаўчан Sciana і ўкраінскіх рок-зорак Роллік'с. Іх выступы ўвесь час суправаджаліся "стэйдж-дайвінгам" — скокамі ў натоўп са сцэны. 

Арганізатары  "БУГаРОК FEST" — брэсцкая прома-суполка "Зала чакання" і кампанія "Будзьма". Як яны паведамілі "Еўрарадыё", пазытыўная атмасфера і колькасць прысутных на мерапрыемстве сведчыць аб тым, што рок-фэсты з удзелам як беларускамоўных выканаўцаў, так і замежных гасцей цікавыя брэсцкаму слухачу. І, вядома, праца ў гэтай галіне працягнецца.