У Брэсце на байкатаванай будоўлі распачаліся працы (фота)
Праз паўтара тыдня пікетаў, якія ладзілі мясцовыя жыхары, будаўнікі ўсё ж такі завезлі тэхніку.
Адбылося гэта ранкам 5 ліпеня пад пільным наглядам міліцыянтаў. Як распавядае мясцовы жыхар, ў сераду будаўнікі таксама спрабавалі трапіць на аб'ект, але безвынікова.
Жыхар: "Прыехаў кіраўнік гэтай будоўлі. Папярэдзіў, што мае распараджэнне распачаць працу і што аб'ект будзе ахоўвацца непасрэдна АМАПаўцамі, каб людзі не перашкаджалі. Яму была сказана, што зямельная спрэчка яшчэ не вырашана. Ёсць 6 нарматыўных дакументаў, 2 законы, палажэнне савета міністраў, якія рэгулююць гэтае пытанне. Людзі, якія тут сабраліся, жадаюць вырашыць гэтую спрэчку законнымі метадамі. Напісаны шэраг зваротаў, і распачынаць будоўлю яшчэ рана. На гэтым учора размова з будаўнікамі скончылася".
Зараз на аб'екце працуюць некалькі рабочых, самазвал і эскаватар. Таксама на месцы дзяжурыць і міліцыянт.
Старшыня ініцыятыўнай групы Хведар Петрусевіч паведаміў Еўрарадыё, што ўвечары каля будоўлі пройдзе чарговы сход мясцовых жыхароў. Чакаецца, што ў ім прыме ўдзел і мясцовы дэпутат.
Нагадаем, што 24 чэрвеня жыхары дамоў 77 і 79 па вуліцы Суворава абвесцілі бестэрміновы пікет будоўлі-"самазахопу". На тэрыторыі, якая належыць гэтым дамам, з'явіўся будаўнічы плот без апазнавальных знакаў. Толькі ад будаўнікоў брэстаўчане даведаліся пра новую двухпавярховую аптэку "Формула жыцця". Пра згоду мясцовых жыхароў на будаўніцтва ніхто не запытаў, хоць гэтага патрабуе заканадаўства.

