У Брэсце рабіць веладарожкі будуць толькі на новых вуліцах
Пра гэта заявіла дэпутат Нацыянальнага сходу Ірына Багдановіч.
Яна дала пісьмовы адказ на пытанні, якія атрымала падчас інфармацыйнай сустрэчы з працоўным калектывам Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.
Цяперашнія вуліцы ўлады лічаць занадта вузкімі для вылучэння паласы раварыстаў. Праўда, дэпутатка не патлумачыла, як выйшлі з сітуацыі ў Заходняй Еўропе. Там гарадское самакіраванне забяспечыла гараджанам адрэгуляваны і камфортны праезд на роварах. Хаця еўрапейскія сярэднявечныя гарады пераважна маюць крывыя ды вузкія вуліцы.
Для прыклад, Мюнстэр, які лічыцца роварнай сталіцай Нямеччыны, мае каля 300 кіламетраў веладарожак. Пры гэтым колькасць насельніцтва ў ім сувымерная з Брэстам.
Між тым Брэст задыхаецца ад аўтамабільных затораў. А ровару як альтэрнатыве аўтамабілю месца на яго вуліцах не знаходзіцца.