У "Дай Дорогу!" з'явілася новае відэа

4 кастрычніка брэсцкія панкі “Дай Дорогу!” прэзентавалі новае відэа на песню “Температура”. Кампазіцыя “Температура” была напісана яшчэ ў 2003 годзе. Аднак гэтая акалічнасць зусім не перашкодзіла гурту зняць шыкоўнае відэа пра каханне і растанне. У кліпе вялікую ролю граюць спецэфекты, якія выводзяць музычнае відэа на якасна новы ўзровень. Прадакшн кліпа зрабіла брэсцкая Jodov Studio. Рэжысёр відэа Ўладзімір Краўчук кажа, што кліп здымаўся цягам года: мінулым летам – макавае поле, восенню – гісторыя, зімой і вясной здымалі музыкаў, лета 2011 спатрэбілася для мантажу і спецэфектаў. За тыдзень да прэм’еры лідар “Дай Дорогу!” Юра Стыльскі перапісаў песню. Галоўную жаночую ролю ў кліпе сыграла Паліна Цыолта – брэсцкая мадэль, якая працуе ў Токіа і Парыжы. Абноўленую песню “Температура” можна будзе пачуць 29 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Рublic падчас вялікага канцэрта “Дай Дорогу!”.

Фота: www.daidarogu.com