У даўжнікоў могуць забраць машыну проста на дарозе
Судовыя выканаўцы пачалі патруляваць вуліцы разам з супрацоўнікамі ДАІ.
З ініцыятывай выступіў суд Фрунзенскага раёна сталіцы, піша "Комсомольская правда". Кожны дзень у экіпажы з ДАІ на дарогі Мінска будуць выязджаць два судовыя выканаўцы. Пакуль даішнікі правяраюць дакументы ў кіроўцы, судовыя выканаўцы па ўласнай базе "прабіваюць" чалавека. Там адразу высвятляецца сума, а таксама артыкул, па якой яго штрафавалі, ці адразу паказваецца запазычанасць па аліментах. Праўда, пакуль гэта датычыць толькі парушальнікаў з Фрунзенскага раёна.
У судзе кажуць, што людзі не плацяць штрафы і аліменты: у судзе каля 15 тысяч справаў. Напрыклад, у раённай базе — каля дзвюх тысяч кіроўцаў, якіх зафіксавалі камеры назірання за перавышэнне хуткасці. І хоць штраф невялікі — 50 тысяч, кіроўцы чамусьці не спяшаюцца яго аплачваць.
Зараз калі судовы выканаўца ўбачыць па базе, што кіроўца ў машыне не выплочвае аліменты на ўласнае дзіця, то нядбайны бацька рызыкуе пайсці дахаты пешшу. На працягу 10 дзён даўжнік мае права абскардзіць дзеянні судовага выканаўцы. Потым выканаўцы прададуць аўтамабіль, а розніцу вернуць уладальніку.
Дарэчы, судовыя выканаўцы могуць забраць для пагашэння запазычанасці не толькі аўтамабіль, але і маёмасць даўжніка, якую знойдуць у аўто. Гэта можа быць мабільны тэлефон, залатыя ўпрыгожванні, ноўтбук, магнітола.
Фота — megaobzor.com