У Днепрапятроўску адбыліся чатыры выбухі (фота, відэа)
У бальніцах Днепрапятроўска застаюцца 22 пацярпелых падчас тэрактаў. Трое з іх, у тым ліку адзін падлетак, знаходзяцца ў цяжкім стане.
Нагадаем, чатыры выбухі ўчора адбыліся ў грамадскіх месцах ва ўкраінскім горадзе Днепрапятроўск. Былі параненыя ад 26 да 29 чалавек. Пракуратура распачала крымінальную справу па артыкуле "Тэрарыстычны акт". Яе расследаваннем займаецца спецыяльная следчая група, інфармуе УНІАН.
Міністр замежных спраў Канады Джон Беры асудзіў выбухі і заклікаў улады Украіны не выкарыстоўваць гэтыя падзеі для абмежавання "падставовых свабодаў", паведамляе Франс Прэс. Напярэдадні некаторыя ўкраінскія апазіцыйныя дзеячы не выключалі, што тэракты могуць быць выкарыстаны для рэпрэсій супраць апазіцыі.
***
СМІ паведамляюць пра затрыманне першых падазроных у арганізацыі выбухаў у Днепрапятроўску. Журналісты спасылаюцца на крыніцы ў мясцовай міліцыі.
Справу пад свой кантроль узяла служба бяспекі Украіны. Крыніца ў сілавых структурах паведаміла, што выбухоўка зробленая прафесійна, перадае сайт podrobnosti.ua. Таксама ёсць звесткі, што ў Днепрапятроўск уведзеныя бронетранспарцёры і дадатковыя сілы.
Паведамляецца таксама, што спецыялістам удалося абясшкодзіць пятую выбуховую прыладу. Нагадаем, што перад гэтым у Днепрапятроўску адбыліся чатыры выбухі.
***
Надзвычайнае становішча ва Украіне ўводзіць не будуць. Пра гэта на паседжанні ўрада заявіў міністр юстыцыі Аляксандр Лаўрыновіч.
Па яго словах, няма законных падставаў для таго, каб гаварыць пра надзвычайнае становішча.
***
Цяпер у Днепрапятроўску пачалася эвакуацыя людзей з чыгуначнага вакзала. Міліцыя атрымала ананімнае тэлефанаванне, што вакзал праз некалькі хвілінаў узляціць у паветра. Да будынка прыбываюць выбухатэхнікі і сапёры з сабакамі. Цягнікі спыняюцца ў прыгарадзе.
***
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляе пра чатыры выбухі. Раней украінскія СМІ абвясцілі пра 10 выбухаў.
Ад выбухаў пацярпелі 27 чалавек, 25 з іх былі шпіталізаваныя. Як інфармуюць украінскія СМІ, 12 чалавек шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці, аднаму з іх праводзяць аперацыю па ампытацыі рукі.
***
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч назваў выбухі чарговым выклікам для краіны.
Спачатку выбух адбыўся каля 12-й гадзіны на трамвайным прыпынку. Пацярпелі пяць чалавек, якіх шпіталізавалі. Мяркуецца, што выбуховая прылада была закладзеная альбо ў сметніцу (яе разарвала на кавалкі), альбо ў трамвай. Прыпынак быў пашкоджаны, шкло ў трамваі выбіта.


Наступны выбух прагучаў у раёне чыгуначнага вакзала. Пазней выбух адбыўся каля кінатэатра, быў паранены студэнт. Агулам пацярпелі 9 чалавек, паведамляе УНІАН.
Чарговыя выбухі (альбо "хлапкі") адбыліся ў раёне вуліц Шмідта і Караленкі. Інфармацыі пра новых пацярпелых пакуль няма.
У Днепрапятроўску, як паведамляюць украінскія сайты, пачаліся праблемы з мабільнай сувяззю.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сёння ў міліцыю патэлефанаваў невядомы, які паведаміў, што адбудуцца 9 выбухаў.
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч назваў серыю выбухаў у Днепрапятроўску чарговым выклікам для краіны. "Мы падумаем, як адказаць годна", — сказаў ён. Ён выказаў спадзяванне, што ўдасца разабрацца, хто арганізаваў выбухі.

Фота: geroyam-slava.blogspot.com