У Емене паліцыя расстраляла дэманстрантаў
Два чалавекі загінулі, больш за 10 атрымалі раненні.
На поўдні Емена ў горадзе Адэн урадавыя войскі разагналі антыўрадавую дэманстрацыю. Пры гэтым яны ўжылі слёзацечны газ і адкрылі агонь па натоўпе, у якім было больш за 2 тысячы пратэстоўцаў.
Як інфармуе РБК, дэманстранты патрабавалі большых правоў народу напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 21 лютага. У нейкі момант пратэстоўцы пачалі паліць пакрышкі і паспрабавалі штурмаваць будынак мясцовай выбарчай камісіі.
Нагадаем, у студзені 2011 года ў Емене пачаліся масавыя беспарадкі, практычна адначасова з выступамі ў Тунісе, Егіпце ды іншых дзяржавах Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Алі Абдулы Салеха, які кіраваў краінай больш за 30 гадоў. На бок апазіцыі перайшоў шэраг падраздзяленняў еменскіх войскаў. У лістападзе Салех падпісаў з прадстаўнікамі апазіцыі дамову пра перадачу ўлады.