У Эстоніі арыштавалі расійскага шпіёна
Мясцовыя спецслужбы затрымалі супрацоўніка дзяржбяспекі за шпіянаж на карысць Расіі.
Аляксей Дрэсен быў затрыманы разам з жонкай у аэрапорце Таліна, адкуль яны збіраліся выляцець у Маскву, паведамляе РБК. Падазронага затрымалі, калі яго жонка ўжо была на борце самалёта. Пры ператрусе ў яе выявілі электронны носьбіт з сакрэтнай інфармацыяй.
Як мяркуюць у эстонскай контрвыведцы, прадпрымальніца Вікторыя Дрэсен выконвала ролю кур'ера. Мужу і жонцы выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе. Паводле эстонскіх законаў, гэта пагражае турэмным зняволеннем.
44-гадовы Дрэсен працаваў у Паліцыі бяспекі з 1993 года, даслужыўшыся да кіраўнічых пасадаў. Апошнім часам ён займаўся тэматыкай экстрэмісцкіх рухаў. У Паліцыі бяспекі ўпэўненыя, што ён перадаваў за мяжу звесткі, якія атрымліваў па сваёй працы.