У Глыбокім прайшла прэзентацыя новых кніг Марыі Баравік (фота)

Гэта кнігі філасофскія, у якіх сцвярджаецца, што Бог раскрывае чалавечы ўнутраны свет падчас духоўнага стрэсу, пакуты, і тады з’яўляецца правіднасць, адкрыццё, прасвятленне. Напісаныя яны пасля таго, як заўчасна пайшоў з жыцця муж Марыі Сяргей.

На прэзентацыі прысутнічала дачка паэткі бард Марыя Новікава, якую ведаюць як арганістку Чырвонага касцёла ў Мінску. Яна выканала некалькі песняў на словы маці. Некалькі песняў маці і дачка праспявалі дуэтам.

Марыя Баравік жыве ў пасёлку Падсвілле на Глыбоччыне, яна сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Апошні яе зборнік у дзяржаўным выдавецтве выйшаў у 1995 годзе, пасля гэтага паэтку не друкавалі.

У 2009 годзе прыватнае прадпрыемства “Прэфект-інфо”, якое ўзначальвае глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч, выдала два зборнікі Марыі Баравік “Зорка гасцюе ў месяца” і “На вас глядзіць мая душа”. Гэтае ж прадпрыемства дапамагло і з выданнем чарговых зборнікаў.