У Глыбоцкім раёне праходзіць тыдзень цвярозасці
Праўда, гандляваць спіртнымі напоямі падчас яго не забаронена.
Цвярозасць цягам гэтага тыдня, з 3 па 9 кастрычніка, узмоцнена прапагандуюць. Чальцоў таварыства ананімных алкаголікаў, якія ўваходзяць у групу агітатараў, нават вызвалілі на гэты час ад працы. Яны разам са спецыялістамі-нарколагамі ездзяць па прадпрыемствах ды навучальных установах і расказваюць людзям, што піць шкодна.
Калі прапагандысцкі тыдзень скончыцца, ва ўсім раёне абвесцяць яшчэ і дзень цвярозасці. Вось тады у краму па піва ці гарэлку ісці не будзе сэнсу — не прададуць. Праўда, жыхароў раёну загадзя папярэдзілі пра цвярозы панядзелак. І тыя, каму гэта неабходна, кажуць, ужо назапасілі спіртное.