У Гомелі нарэшце здадуць "доўгарэканструкцыі"
У абласным цэнтры скончаны працы па рэканструкцыі аб’ектаў, якія вяліся больш за дзесяць год.
У Гомелі да Дня Перамогі пасля рэканструкцыі адкрыецца Палац культуры чыгуначнікаў. Палац стане самай вялікай канцэртнай залай у Гомельскай вобласці і будзе змяшчаць у сабе 1 000 месцаў.
Працы па капітальнай рэканструкцыі палаца і ягонай тэатральнай часткі, якая складае больш за палову ад усяго будынка, нарэшце скончаны. Нягледзячы на тое, што дадзены аб’ект знаходзіцца літаральна ў самым "сэрцы" горада – на выхадзе з чыгуначнага вакзала, яго рэканструкцыя вялася яшчэ з сярэдзіны 90-ых гадоў.
Другой такой "доўгарэканструкцыяй" Гомеля стаў так званы "Дом камуны". Ён знаходзіцца непадалёку ад таго ж Палаца чыгуначнікаў і рэканструюецца амаль столькі ж. Па дакументах аб’ект лічыцца ўжо здадзеным, але дробныя работы над ім яшчэ вядуцца. Мяркуецца, што канчаткова працы мусяць быць скончаны цягам бягучага месяца.
