У Гомелі праходзіць акцыя салідарнасці з ВІЧ-інфіцыраванымі
Акцыю “Захоўваючы жыццё” ладзіць абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Мерапрыемства прымеркаванае да Сусветнага дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу. Яго мэта — сфармаваць у грамадства адэкватнае стаўленне да праблемы распаўсюду ВІЧ-інфекцыі і людзям, якія жывуць з вірусам імунадэфіцыту чалавека. Месцам правядзення гомельскай акцыі стаў Кіеўскі спуск у парку.
Валанцёры-інструктары і ўдзельнікі акцыі зробяць папяровых жураўлёў спосабам арыгамі. Колькасць гэтых жураўлёў будзе адпавядаць колькасць людзей з ВІЧ, якія жывуць у кожным асобным рэгіёне. Гэтыя папяровыя цацкі адрозніваюцца па колеры — для абазначэння мужчын, жанчын і дзяцей выкарыстоўваюць розныя колеры паперы.
Па стане на 1 траўня ў Беларусі зарэгістравана 13 415 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. За чатыры месяцы выявілі 460 новых носьбітаў віруса, перадае БелаПАН. У гомельскай вобласці 6 609 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Пераважная большасць інфіцыраваных — маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 год.