У Гродне ажно тры беларускамоўныя першакласнікі
Два вучні пайшлі ў беларускі клас, а для аднаго хлопчыка арганізуюць індывідуальныя заняткі.
1 верасня два вучні пайшлі ў беларускі клас у 34-й школе, а для адзінага ў 32-й школе беларускамоўнага першакласніка Янкі Астроўскага чытанне, пісьмо і матэматыку будуць выкладаць індывідуальна. Гэткім чынам год таму першы клас скончыла сястра Янкі Святлана Астроўская.
У Дзень ведаў Еўрарадыё наведала сям’ю прафесара Алеся Астроўскага.
Сёння Астроўскія на святочную лінейку ў школу пайшлі ў поўным складзе. Пасля мінулагодняга канфлікту
з-за мовы навучання старэйшай дачкі Светы, Алесь з жонкай Аксанай
праігнаравалі Дзень ведаў. Пазіцыя сям’і — вучыць дзяцей толькі
па-беларуску — аказалася вельмі прынцыповай. Тады адміністрацыя школы
пайшла на саступкі: спецыяльна для Святланы арганізавалі асобнае
навучанне. 
“Умовы
значна лепшыя, чым у тым класе. Больш нагадваюць рэпетытарства.
Канешне, якасць адукацыі будзе лепшай. Так што атрымалася, што па гэтым
параметры мы не толькі не ў пройгрышы, але ў значным выйгрышы. Некаторыя
мне кажуць: “Вой, якія вы хітрыя! Вы сабе такое навучанне…”. Дык я
кажу: “Далучайцеся, калі ласка!” — адводзяць вочы і адыходзяць думаць.
Да гэтай пары Святлана адна застаецца”, — жартуючы кажа Алесь Астроўскі.
Пакуль
аднакласнікі Святланы вучыліся чытаць па-руску, яна займалася
беларускім пісьмом. Руская мова ў яе займала ўсяго толькі гадзіну на
тыдзень. Па матэматыцы і прадмеце “Чалавек і свет” у Светы таксама быў
асобны настаўнік. Сам-насам за ўрок яны паспявалі не толькі прайсці
неабходную праграму, але і абмеркаваць шмат дадатковых пытанняў. На
фізкультуру і спевы дзяўчынка хадзіла разам з усім класам. Апрача гэтага
Света наведвае гурткі па рытміцы і маляванні і нават удзельнічае ў
школьных канцэртах ды выставах. Цяпер такую праграму 1-га класа пройдзе
яе брат Янка.
Для ягоных бацькоў гэта найлепшы варыянт вырашэння
моўнай праблемы. Паводле звестак Таварыства беларускай мовы, сёлета ў
розныя школы горада падалі не больш за 15 заяваў на навучанне дзяцей на
роднай мове. У 34-й школе Кастрычніцкага раёна для дваіх жадаючых
вучыцца па-беларуску зрабілі свой клас. У 32-ю школу Ленінскага раёна ў
беларускамоўны клас бацькі падалі толькі адну заяву, якая і належала
Аксане і Алесю Астроўскім.
Прынамсі, тры маленькія гродзенцы да
канца пачатковай школы атрымаюць адукацыю па-беларуску. Да іх могуць
далучыцца астатнія жадаючыя вучыцца на роднай мове. Астроўскія рады і
такому выніку свайго настойлівага змагання за беларускую адукацыю і
раяць іншым бацькам быць больш упартымі і рашучымі.
“Калі
зазіраеш у сваю душу, дык разумееш: вось так правільна. Калі адкідваеш
усе страхі, якія прымушаюць рабіць цябе не так, як ты думаеш, як
адчуваеш сэрцам, калі ўсё гэта адкінуць — атрымліваецца так правільна. І
калі гэта робіш, з аднаго боку, страшна, а з другога — настолькі на
душы добра”, — кажа Аксана Астроўская.
“Адчуваеш, што ты годны паўнавартасны чалавек”, — дадае Алесь Астроўскі.
Нагадаем, год таму Алеся і Аксану Астроўскіх абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку,
калі тыя выйшлі на пікет да гарвыканкама з патрабаваннем адкрыць
беларускі клас. У працэсе разгляду адміністрацыйнай справы суд вяртаў яе
матэрыялы ў міліцыю, затым мяняліся суддзі. Урэшце выйшаў час, на
працягу якога можна пакараць за адміністрацыйнае правапарушэнне.