У Гродне правядуць альтэрнатыўныя дні горада
Згодна з задумай арганізатараў, мерапрыемства падкрэслівае ўнікальнасць гісторыі горада і гараджан.
3 лістапада ў мастацкай галерэі “Крыга” адкрыецца выстава жывапісу “Горад Святога Губерта”. Чакаецца, што у ёй возьме ўдзел мастак Алесь Пушкін. А 19-й гадзіне ва ўнутраным дворыку па вуліцы Будзёнага 48а пройдзе творчая сустрэча з гуртом “Стары Ольса”.
3-4 лістапада ўсе жадаючыя могуць паспаборнічаць у веданні гісторыі горада ў віртуальнай гульні “Лёсы, падзеі, людзі”.
Даследаванні дагэтуль не вядомага Гродна XIX-XX стагоддзяў і часоў Вялікага Княства Літоўскага прадставяць гісторыкі з Беларусі, Польшчы і Расіі. 5-6 лістапада адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест – IV: асоба, грамадства, дзяржава”.
Упершыню грамадскія дні горада адбыліся ў 2008 годзе. Іх зладзілі выдавецкая праграма “Гарадзенская бібліятэка” і гродзенскае аддзяленне “Таварыства беларускай школы”. Актывісты прысвяцілі альтэрнатыўныя дні горада каталіцкаму святому, заступніку Гродна — св. Губерту.
Паводле легенды, пад час палявання бельгійскі герцаг Губерт убачыў аленя з залатым крыжам. Ён прыняў незвычайную жывёлу за нябесны знак, раздаў сваё багацце бедным і стаў праведнікам. Пасля смерці касцёл кананізаваў Губерта. Ён лічыцца апекуном палявання. У 1540 годзе герб з выявай аленя з залатым крыжам Гродна падарыла каралева Бона Сфорца.