У Інданэзіі на шыю Лукашэнкі павесілі малай (фота)
Белы колер кветак сімвалізуе прыязнасць. Такімі гірляндамі падчас вяселля мяняюцца жаніх і нявеста. З усёй беларускай дэлегацыі вянок дастаўся толькі Лукашэнку.
18 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Інданэзію. У аэрапорце на шыю кіраўніка Беларусі павесілі малай — традыцыйную гірлянду з кветак язміна, якая ў Інданэзіі сімвалізуе прыязнасць і павагу. Цікава, што з усёй беларускай дэлегацыі гірлянда дасталася толькі Лукашэнку.
У Інданэзіі язмін — нацыянальная кветка, як у Японіі — хрызантэма. Белыя кветкі ў гірляндзе на шыі Аляксандра Лукашэнкі — гэта махровы язмін, які лічыцца свяшчэнным у кульце Вішну і выкарыстоўваецца ў індуісцкіх рэлігійных цырымоніях. Чырвоныя дададзеныя для прыгажосці.
Малай можа быць зроблены з аднаго ці некалькіх відаў кветак. Самы папулярны, натуральна, язмін. На хвалі клопату пра прыроду ўсё большае распаўсюджанне набываюць малаі са штучных матэрыялаў. Малаямі падчас вяселля абменьваюцца жаніх і нявеста, прычым жаніх атрымлівае гірлянду з грошай — як пажаданне заможнасці.
Пасля спектакляў інданэзійцы закідваюць малаямі улюбёных акцёраў, а на шыях асабліва шаноўных гасцей можа апынуцца з тузін такіх вянкоў.
Гірлянду з кветак можа зрабіць кожны, але прафесійна гэтым займаюцца прадстаўнікі касты малі — садоўнікі. Адсюль і назва гірлянды — мала ці малай.

Фота: БелТА, vtaysaev.livejournal.com.