У інтэрнэце з'явіліся першыя копіі школьных падручнікаў
Іх PDF-копіі змешчаныя на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі, а таксама на партале Мінадукацыі.
Школьнік, гімназіст можа бясплатна скачаць падручнік на кампутар, планшэт ці тэлефон і выкарыстаць у любы час як на ўроку, так і дома, адзначае міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле яго словаў, гэта дае магчымасць навучэнцам, якія, напрыклад, маюць праблемы са здароўем, не насіць цяжкія партфелі.
У каментары БЕЛТА Маскевіч адзначыў, што ў вольны доступ патрапілі толькі тыя падручнікі, аўтары якіх далі дазвол на публікацыю ў інтэрнэце. Са 150 падручнікаў на згаданых сайтах пакуль змешчаныя толькі 50.
Да 2014 года ў Беларусі плануюць распрацаваць адзіную электронную бібліятэку навучальнай літаратуры.