У Казахстане сярэдні палец становіцца знакам палітпратэсту
Гэта адбылося пасля таго, як за гэты непрыстойны жэст быў арыштаваны жыхар Паўладара.
Малады чалавек атрымаў пяць сутак за тое, што паказаў сярэдні палец картэжу, які праязджаў міма яго. Як пасля выявілася, у адной з машын ехаў старшыня казахстанскага сената, інфармуе ВВС.
Затрыманы віну прызнаў цалкам, але папрасіў строга яго не караць. Ён заявіў, што паказаў картэжу непрыстойны жэст неабдумана, вельмі шкадуе пра гэта і шчыра раскайваецца ў зробленым. Аднак суд палічыў, што ён абразіў чалавечую годнасць грамадскай асобы і парушыў грамадскі парадак. Пасля адбытых пяці сутак арышту 22-гадовы паўладарац не захацеў сустракацца з журналістамі.
Дарэчы, сам спікер сената нават не ўбачыў адрасаваны яго картэжу непрыстойны жэст. Не заўважыў яго і ніхто з картэжу. Самымі пільнымі выявіліся супрацоўнікі дарожнай паліцыі, якія затрымалі маладога чалавека.
Гэты інцыдэнт горача абмяркоўваецца ў інтэрнэт-супольнасці Казахстана. На старонках форумаў і сацыяльных сетак некаторыя карыстальнікі прапануюць паказваць сярэдні палец усім картэжам палітыкаў на знак пратэсту.
Фота — runyweb.com