У КДБ дапытаны адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі
Допыт доўжыўся прыблізна дзве гадзіны, пасля чаго Садоўскага адпусцілі. Пытанні следчых былі агульныя, датычныя падзеяў 19 снежня.
У КДБ 8 лютага быў дапытаны адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі.
Як паведамляе прэс-служба БХД, допыт доўжыўся прыблізна дзве гадзіны, пасля чаго Садоўскага адпусцілі.
"Пытанні былі агульныя, датычныя толькі падзеяў 19 снежня, БХД не цікавіліся", — сказаў Садоўскі. Паводле яго слоў, у пакоі стаяла прыблізна 20 канфіскаваных камп`ютараў. Садоўскі быў вымушаны даць падпіску пра неразгалошванне, таму пра пытанні, якія яму задаваліся, распавесці не змог.
Як распавёў Садоўскі ў жывым эфіры Еўрарадыё, для гэтага допыту КДБ пільна яго шукала.
Садоўскі: "Выклікалі яшчэ тры тыдні таму, перад тым як я з'язджаў у турне па Еўропе, так бы мовіць. У першы дзень я прыехаў, зноўку патэлефанавалі і запрасілі на допыт".
Дзяніс Садоўскі адзначыў, што ў паездцы па Еўропе ён быў у складзе дэлегацыі апазіцыі.