У Кіеве працягваюцца сутыкненні, спецназ штурмаваў Украінскі дом
Там сёння мусіць даць прэс-канферэнцыю прэзідэнт Віктар Януковіч.
Аднак якраз там апазіцыя ладзіць акцыю пратэсту. Нагадаем, учора Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за закон аб прынцыпах дзяржаўнай моўнай палітыкі, прапанаваны дэпутатамі Партыі рэгіёнаў. Як адзначае УНІАН, галасаванне адбывалася падчас бойкі рэгіяналаў і апазіцыянераў, таму дэпутаты не зразумелі, за што галасавалі. Да таго ж былі зламаныя мікрафоны.
Цяпер калі законапраект падпіша прэзідэнт Украіны, руская мова набудзе статус рэгіянальнай там, дзе з'яўляецца роднай для як мінімум 10% насельніцтва (а гэта амаль палова з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краіны).
Паведамляецца, што ў адстаўку падаў старшыня Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін, які на ўчорашнім паседжанні адсутнічаў.
Учора ў Кіеве адбыліся сутыкненні паміж спецназам і пратэстоўцамі, праваахоўнікамі ўжываўся слёзацечны газ. Сёння сутыкненні працягнуліся — "Беркут" пайшоў на штурм Украінскага дома, ёсць пацярпелыя. Спецназ адціскаў пратэстоўваў, а сярод іх і дэпутатаў Вярхоўнай Рады, ад галоўнага ўваходу — вызваляў шлях для Януковіча.

Як стала вядома, украінскі прэзідэнт перанёс прэс-канферэнцыю і збірае кіраўніцтва Вярхоўнай Рады.
Фота — pravda.com.ua