У конкурсе юнацкай паэзіі ў Брэсце перамаглі дзве дзяўчыны
У траўні яны паедуць на Дні шведскай і беларускай літаратуры ў Львоў. Нагадаем, што ў Беларусі сёлета гэтую акцыю правесці не дазволілі.
Юлія Капуза вучыцца ў Брэсцкім ліцэі лёгкай прамысловасці, Яўгенія Пракапчук — у 9-м класе Ганцавіцкай сярэдняй школы №3. Свой лаўрэацкі верш “Адзінота” Яўгенія прысвяціла самотнай бабулі.
Яўгенія Пракапчук: "Бабуля жыве ў вёсцы Кошалева каля Брэста, а мы ў Ганцавічах. Да яе прыехаць займае ладны кавалак часу. Яна кажа, што калі адна, то ўключае радыё, і ёй здаецца, што яшчэ хтосьці ёсць у хаце, – не так страшна.
Ты слухаеш у хаце цішыню,
нязменную суседку адзіноты.
Абедзьвюх ты баішся, як агню,
з абедзвюмя звыкаешся ўпотай”.
Конкурс ладзілі супольна Шведскі саюз “За грамадства без наркотыкаў”, Брэсцкая абласная бібліятэка і мясцовыя ўлады. Удзел у ім узялі 198 юнакоў і дзяўчат з усёй вобласці. Найлепшыя вершы надрукуюць мясцовыя газеты.