У Крыме адзначаць юбілей Максіма Багдановіча
9 снежня споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Ад 2 па 4 снежня ў гонар юбілея паэта ў Крыме пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя яго жыццю і творчасці, паведамляе БЕЛТА.
Так, у гісторыка-літаратурным музеі Ялты адбудзецца прэзентацыя перасоўнай творча-дакументальнай выставы "Геній зямлі беларускай". Выстава жывапісу, фота і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "У вянок Максіму" ўжо адкрылася ў ялцінскім музеі.
Адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі са студэнтамі і выкладчыкамі Крымскага гуманітарнага ўніверсітэта. У адным з крымскіх санаторыяў пройдзе юбілейны творчы вечар "Разам ляцець да зор". У ім прымуць удзел госці з Мінску, дыпламаты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, шырокай грамадскасці, дзеячы культуры і мастацтва.
На старых ялцінскіх магілках каля магілы Багдановіча пройдзе мітынг памяці паэта. Да яго магілы ад імя беларускага народа будуць ускладзеныя кветкі.