У Лондане запалілі агонь Паралімпіяды (фота)
Урачыстая цырымонія прайшла на Алімпійскім стадыёне англійскай сталіцы.
Запаліць агонь даручылі першай брытанскай чэмпіёнцы першай Паралімпіяды 1960 года ў стральбе з лука 84-гадовай Маргарэт Мон. А атрымала паходню яна ад 41-гадовага футбаліста Дэвіда Кларка, які выступіць на цяперашніх XIV летніх Паралімпійскіх гульнях. Яму ж эстафету перадаў 24-гадовы вайсковец Джо Таўнсэнд, які згубіў абедзьве нагі на вайне ў Афганістане і ўжо рыхтуецца да Паралімпіяды 2016-га года ў трыятлоне.
РІА "Новости" адзначае, што гэтыя людзі сімвалізавалі мінулае, цяперашні час і будучыню брытанскага паралімпізма.
Беларускія паралімпійцы выступяць у сямі відах спорту: лёгкай атлетыцы, плаванні, акадэмічным веславанні, фехтаванні, дзюдо, веласпорце і паўрліфцінгу. Мяркуецца, што яны здольныя ўвайсці ў васьмёрку наймацнейшых.




Фота — ria.ru