У Магілёве затрымалі падпальшчыка аўтамабіляў
Гэта 24-гадовы беспрацоўны магілёвец, якога раней ужо судзілі за ўгон машын.
Нагадаем, што ў ноч з 16 на 17 кастрычніка ў раёне вуліцы Фаціна агнём былі пашкоджаныя чатыры аўтамабілі.
Следства выявіла, што спачатку хлопец скраў маршрутку “Газель”. Але зламыснік не справіўся з кіраваннем і урэзаўся ў слуп, пасля чаго машына загарэлася. Вяртацца дадому пешшу хлопец не захацеў і скраў другую “Газель”. Завесці яе не змог, аднак з-за непагашанай цыгарэты загарэлася сядушка кіроўцы.
Наступнай ахвярай стаў “ВАЗ-2103”: угоншчык не змог яго завесці і падпаліў, каб замесці сляды. Ад агня пацярпеў “Сітраен-Ксара”, што стаяў побач, паведамляе mycity.by.
Падпальшчыка вінавацяць па двух артыкулах — угон і наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці.