У Маскве пройдзе мітынг “За сумленныя выбары”

Заяўленая апазіцыяй колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту ― 50 тысячаў чалавек. Мітынг узгоднены з мэрыяй Масквы, таму яго арганізатары спадзяюцца, што ніякіх здарэнняў не будзе.

На мітынгу мяркуюць выступіць палітыкі, грамадскія актывісты і назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах 4 сакавіка. Яны выкладуць канкрэтныя прыклады фальсіфікацый. Нагадаем, што ў мінулую нядзелю ў Расіі прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх у першым туры перамог прэм’ер-міністр краіны Уладзімір Пуцін. У 2000-2008 гадах ён ужо быў прэзідэнтам, затым на гэтую пасаду абралі Дзмітрыя Мядзведзева.

У снежні 2011 года прайшлі выбары ў Дзяржаўную Думу Расіі, там палову галасоў выбаршчыкаў атрымала праўладная партыя “Адзіная Расія”. З таго моманту апазіцыя пачала ладзіць шматлюдныя акцыі пратэсту, якія адбываюцца ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе амаль кожныя выходныя.