У мінскім метрапалітэне стане больш відэакамер
Абсталяванне станцый сістэмамі відэаназірання будзе завершана ў 2012 годзе.
Акрамя таго распачнецца капітальны рамонт эскалатараў і закончыцца капітальны рамонт вагонаў. Таксама будзе працягнута замена рэек. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка мінскага метрапалітэна Алег Круглоў:
"Мы стаім перад капітальным рамонтам эскалатараў, рыхтуемся да яго. Нам трэба будзе скончыць капітальны рамонт вагонаў. Засталося адрамантаваць сем вагонаў. Ёсць упэўненасць, што ў гэтым годзе мы гэты від рамонту скончым. З 2004-га па 2011 год мы праводзілі змену рэек і змянілі больш за 42 кіламетры рэек. Гэтая праца будзе працягвацца і ў гэтым годзе. Ну і, вядома, гэта выкананне мадэрнізацыі сістэмы відэаназірання на васьмі станцыях першай лініі, якія павінны быць выкананы ў гэтым годзе".
Адзначым, што другая лінія метро цалкам абсталяваная сістэмамі відэаназірання. На першай лініі такія сістэмы ўсталяваны толькі на трох станцыях: "Кастрычніцкая", "Барысаўскі тракт" і "Уручча".