У Мінску адкрыўся кангрэс універсітэцкіх тэатраў
Каб абмеркаваць стан моладзевага тэатральнага мастацтва, у Беларусь прыехалі прафесіяналы з 35 краін свету.
ІХ Сусветны кангрэс Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў пачаў працу 2 ліпеня і будзе доўжыцца чатыры дні, перадае БЕЛТА. За гэты час болей за 200 навуковых дзеячаў, рэжысёраў, крытыкаў, прафесійных акцёраў і акцёраў-студэнтаў правядуць майстар-класы і практычныя заняткі. Яны будуць прысвечаныя даследаванню традыцый, эксперыментаванню, вывучэнню прагрэсіўнага тэатральнага досведу.
Ганаровымі гасцямі кангрэсу сталі генеральны сакратар Міжнароднага інстытута тэатра ЮНЭСКА Тобіас Б’янконе, прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў Жан-Жак Лару і вядомы расійскі тэатральны крытык Павел Руднеў.
У часе кангрэса сёлета пройдзе ІХ Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”. У ім бяруць удзел 13 калектываў з 11 краін, у тым ліку далёкага замежжа. Будуць госці з Кітая, Уругвая і Філіпін.