У Мінску выявілі падпольнае казіно

Як паведамляе БелаПАН, выявілі яго супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК). Гульнявую залу ў прэстыжнай забаўляльнай установе ў цэнтры Мінску арандавала грамадская арганізацыя. Яна была створаная ў верасні 2010 года дзеля папулярызацыі гульні ў покер. 


Супрацоўнікі фінансавай міліцыі выявілі, што з мінулага снежня тут не толькі вялася аматарская гульня ў покер, але і пачало дзейнічаць нелегальнае казіно. Як правіла, штодня ў казіно на грошы гулялі ад 20 да 40 чалавек. Нелегальная ўстанова працавала шэсць дзён у тыдзень, з 22 гадзін да 6 раніцы.


Па звестках КДК, арганізатарам нелегальнага казіно быў старшыня грамадскай арганізацыі, якая арандавала памяшканне. Ён атрымліваў 5% ад сумы выйгрышу гульцоў. Паводле папярэдніх звестак следства, незаконны прыбытак 30-гадовага мужчыны склаў 84 млн рублёў. На яго пачалі крымінальную справу.