У Мінску затрымалі чатырох маладафронтаўцаў

Спярша а палове восьмай вечара ў раёне плошчы Незалежнасці затрымалі Рамана Васільева і Уладзіміра Яроменка. Паплечнікі мяркуюць, што хлопцаў прымусяць адседзець па трое сутак паводле віцебскіх прысудаў. Тады маладафронтаўцы ехалі на суд да Сяргея Каваленкі, але былі затрыманыя па дарозе. Іх звінавацілі ў дробным хуліганстве, але суд прайшоў без прысутнасці абвінавачаных.

Пасля 9-й гадзіны вечара ў арандаванай кватэры затрымалі Міхася Мускага і Змітра Крамянецкага. У іх таксама па трое сутак неадбытага арышту за віцебску паездку. Але, як паведамляе сайт "Маладога фронту", гэтым разам іх затрымалі за маладафронтаўскую акцыю "Падцярыцеся!". Нагадаем, што 29 лютага юнакі закідалі Міністэрства замежных справаў туалетнай паперай на знак пратэсту супраць дыпламатычнай вайны, пачатай паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.