У Оршы выбіраюць слоган і лагатып горада
Удзел у конкурсе могуць прыняць усе ахвотныя. Кожны можа даслаць неабмежаваную колькасць прапановаў.
Ініцыятарам конкурсу выступіў Аршанскі гарвыканкам. Лагатып і слоган набудуць афіцыйны статус і будуць выкарыстоўвацца для прапаганды Оршы ў сферы турызму, інфармуе БЕЛТА.
Таму лагатып і слоган павінны адлюстроўваць спецыфіку гістарычнага і культурнага развіцця горада. Таксама яны мусяць выяўляць характэрныя адрозненні Оршы для вызначэння гістарычнай місіі горада і яго насельніцтва ў гісторыі краіны.
Па словах чыноўнікаў, на першым этапе конкурсу прыйшло каля 20 работаў. Іх аўтары — школьнікі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў Оршы і раёна. Гэтыя працы журы будзе разглядаць да канца лістапада. Аднак пакуль што ініцыятары скардзяцца на невысокі ўзровень працаў, таму чакаюць новыя прапановы.
Нагадаем, што распрацоўкай адпаведнага брэнду Мінску займаецца брытанскае агенцтва "INSTID", якім кіруюць выхадцы з Беларусі.
Фота — travel.friclub.ru