У панядзелак будуць судзіць Паліну Шарэнда-Панасюк
21 верасня яе затрымалі разам з яшчэ двума паплечнікамі па кааліцыі “Спадчына”.
Паліна Шарэнда-Панасюк, Андрэй Шарэнда і Вячаслаў Бароўскі распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя байкоту выбараў. Міліцыянты затрымалі іх у брэсцкім мікрараёне “Кавалёва”, адкуль актывістаў адвезлі ў Маскоўскі РАУС. У іх канфіскавалі ўсе асобнікі улётак, прысвечаныя байкоту, а таксама некалькі дзесяткаў асобнікаў газеты “Хартыя-97”.
Пасля трох гадзін затрымання Андрусь Шарэнда і Улад Бароўскі былі вызвалены. Недзе каля 23.00 стала вядома, што на Паліну Шарэнда-Панасюк быў складзены пратакол "за знявагу супрацоўнікаў міліцыі". Яна была змешчана ў ІЧУ да суду, які, верагодна, адбудзецца толькі ў панядзелак. Паліна — маці трохгадовага сына.
Нагадаем, што дэмакратычная кааліцыя “Спадчына”, якая аб’ядноўвае брэсцкіх прыхільнікаў некаторых палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, з моманту свайго стварэння на пачатку 2012-га году абвесціла пра намер байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Напярэдадні пачатку датэрміновага галасавання сябры кааліцыі накіравалі зварот кіраўніцтву Парламенцкай асамблеі АБСЕ з заклікам адмовіцца ад назірання за выбарамі Беларусі з удзелам прадстаўнікоў гэтай міжнароднай арганізацыі, паведамляе spring96.org